ГАЙДЭЛЬБЕ́РГСКІ УНІВЕРСІТЭ́Т імя Рупрэхта-Карла, Гейдэльбергскі універсітэт, старэйшы універсітэт Германіі. Засн. ў 1386 у г. Гайдэльберг курфюрстам Рупрэхтам І у складзе 4 традыцыйных для сярэднявечча ф-таў (вольных мастацтваў, багаслоўскі, мед., юрыд.); у 16 ст. ф-т вольных мастацтваў пераўтвораны ў філасофскі. У 15—16 ст. вядомы як цэнтр гуманізму. У канцы 17 ст. спалены французамі. Аднавіў дзейнасць як навуч. і навук. ўстанова пасля 1803 намаганнямі курфюрста Карла Фрыдрыха Бадэнскага. У 19 ст. адна з вядучых навуч. устаноў Германіі. Ф-ты: тэалагічны, філас., юрыд., прыродазнаўчых навук, мед. і інш. У ім працавалі філосафы Г.Гегель, К.Фішэр, хімік Р.Бунзен, фізік Г.Кірхгоф, даследчык прыроды Г.Гельмгольц, гісторык Ф.Шлосер і інш. Б-ка (з 1386).
т. 4, с. 439
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)